Украінская літаратура на старонках энцыклапедыі “Максім Багдановіч”



Традыцыйнае цэласнае ўспрыманне асобы і творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (1891 — 1917) для шырокай чытацкай аўдыторыі, як правіла, трымаецца сілавога поля вядомых мета­фарычных вызначэнняў: “пясняр чыстай красы”, “госць з высокага неба”, “страцім-лебедзь беларускай літаратуры”, “беларускі Ікар” і інш. Гэтаму паспрыялі акалічнасці жыццёвай і творчай біяграфіі паэта: ранняя страта маці; адарванасць ад радзімы ва ўзросце 5 гадоў (жыў з сям’ёй у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі); смерць удалечыні ад роднага краю (пахаваны ў Ялце). Зборнік “Вянок” (Вільня, 1913) — адзінае кніжнае выданне, якое аўтар пабачыў пры жыцці.

Энцыклапедыя як універсальны збор матэрыялаў пра жыццё і твор­часць пісьменніка, акружэнне, эпоху, шматбаковае асэнсаванне пакінутага ў мастацтве слова, іншамоўнае перастварэнне заклікана трымацца яго вялікасці факта, выверанай і дакладнай інфармацыі, аб’ектыўнасці.
Выданне персанальнай літаратурнай энцыклапедыі “Максім Багда­новіч” (2011)1Максім Багдановіч: энцыклапедыя / Склад. І. У. Саламевіч, М. В. Трус; навук. рэд. М. В. Трус; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — 608 с. стала вехавай падзеяй у гісторыі нацыянальнай культуры.

Натуральны поступ гісторыі, развіццё гуманітарнай навукі падказвае: не трэба спяшацца падводзіць рысу. Змяняюцца часы, уносяцца карэктывы ў сістэму каштоўнасных, вартасных падыходаў да асэнсавання. Твор­часць М. Багдановіча тым і прыцягальная на стагоддзі, што валодае жывой пульсацыяй слова, непаўторнымі эмоцыямі. Прадстаўленай эн­цы­клапедыяй падсумоўваецца найперш фактаграфічная база жыцця і творчасці паэта, прадэманстравана ступень навуковай спеласці і цэ­ласнасці яе ўспрымання сёння.

Персанальныя літаратурныя энцыклапедыі — гэта выданні энцы­кла­педычнага жанру, цалкам прысвечаныя аднаму пісьменніку, у якіх дэталёва пададзены біяграфія, творчасць, гісторыя іх даследавання і асэнсавання. Як паказвае міжнародны вопыт, такія выданні могуць быць плёнам ка­лек­тыўнай або індывідуальнай даследчыцкай працы. Персанальныя эн­цы­клапедыі, як правіла, акрэсліваюць пэўны этап вывучэння творчай спад­чыны аднаго з класікаў нацыянальнай літаратуры.

На Захадзе персанальныя энцыклапедыі ўпершыню ўбачылі свет у канцы ХІХ ст., найбольшае іх распаўсюджанне прыйшлося на ХХ ст. Вы­нікам працы літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў сталі энцы­клапедыі, энцыклапедычныя даведнікі, прысвечаныя Р. Бёрнсу, Ч. Дзікенсу, І. В. Гётэ, У. Блэйку, Ф. Кафку, У. Тэкерэю, Ф. Шылеру, У. Шэкспіру і іншым пісьменнікам. Праца над першай персанальнай літаратурнай энцыклапедыяй на тэрыторыі былога СССР — Пушкінскай — была распачата ў 1930-я гг., і да гэтага часу мы маем магчымасць азнаёміцца толькі з этапнымі вынікамі гэтага маштабнага праекта. За савецкім часам першым літаратурным выданнем энцыклапедычнага характару стаў Шаўчэнкаўскі слоўнік у 2 тамах (1976 — 1977), пад­рыхтаваны Інстытутам літаратуры імя Т. Р. Шаў­чэнкі АН УССР.

Адной з найлепшых у гісторыі еўрапейскай энцыклапедыстыкі лічыцца Лермантаўская энцыклапедыя (1981), праца над якой вялася ў Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскім доме) з 1958 г. Выданне абагульніла напрацоўкі лермантазнаўства, стала ўзорам для даведачнай літаратуры падобнага кшталту ў савецкай і постсавецкай інфармацыйна-культурнай прасторы. Тэматычныя блокі энцыклапедыі складаюць свое­асаблівы зместавы канон персанальных літаратурных энцыклапедый: агульныя звесткі пра жыццё і творчасць, радавод, літаратурнае і побытавае акружэнне, паслядоўнікі, даследчыкі, асэнсаванне сюжэтаў і вобразаў у розных відах мастацтва, асаблівасці паэтыкі, сувязі М. Лермантава з замежнымі літаратурамі, лермантаўскія мясціны і інш. Кожнаму твору адведзены асобны артыкул.

Новае жыццё расійская практыка падрыхтоўкі і выпуску персанальных літаратурных энцыклапедый атрымала ў пачатку 1990-х гг. На гэты працэс накладвалі адбітак шэраг акалічнасцей найноўшай гісторыі: ка­мер­цыялізацыя кніжнай справы, неабходнасць мабільна рэагаваць на патрэбы і запыты чытача, канкурэнцыя на рынку кніжнай прадукцыі і інш. Аўтару гэтых радкоў падрабязна разглядаў еўрапейскі і беларускі вопыт у сваіх некаторых публікацыях2ння // Роднае слова. — 2011. — № 12. — С. 4—7..

Значнымі падзеямі нацыянальнага і агульнасаюзнага ўзроўняў стала выданне беларускіх даведнікаў: персанальнага літаратурнага “Янка Купала” (1986, 3095 артыкулаў) і персанальнага культуралагічнага, мастацтвазнаўчага “Францыск Скарына і яго час” (1988, 728 артыкулаў). Адзначым парадаксальнасць афіцыйнага жанравага вызначэння гэтых фундаментальных прац: “энцыклапедычны даведнік” на вокладцы і “энцыклапедыя” ў анатацыі ці ва ўступным артыкуле. Прыцягальнае слова Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, амаль тры дзе­ся­цігоддзі таму паклікала да жыцця значную для беларускай культуры ініцыя­тыву: стварэнне і выданне энцыклапедыі паэта. Падобны вопыт у інфармацыйна-культурнай прасторы былога Савецкага Саюза ўжо быў назапашаны дзякуючы энцыклапедычнаму даведніку “Янка Купала”, ды і папярэднікі — Шаўчэнкаўскі слоўнік і Лермантаўская энцыклапедыя давалі на той час узор аб’яднанай працы літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, архівістаў, спецыялістаў музейнай справы.

У 1987 г. па ініцыятыве загадчыка рэдакцыі БелСЭ імя П. Броўкі Івана Саламевіча пачалася праца над будучай энцыклапедыяй. Даследчыкам быў складзены слоўнік, запрошаны да супрацоўніцтва вядучыя багдановіча­знаўцы. Ініцыятыва І. Саламевіча насіла прыватны характар, не была аформлена арганізацыйна, падмацавана фінансава; да гэтага дадаўся яшчэ шэраг неспрыяльных абставін аб’ектыўнага характару, таму ў пачатку 1990-х гг. праца над энцыклапедыяй была спынена, а падрыхтаваныя артыкулы ляглі ў архіў выдавецтва.

Толькі ў 2008 г. па ініцыятыве навукоўцаў НАН Беларусі, супрацоўнікаў Літаратурнага музея М. Багдановіча, Нацыянальнага архіва, выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта справу ўдалося рэанімаваць. Нарада ініцыятыўнай групы прайшла 9 красавіка 2008 г. у музеі паэта. На грамадскіх пачатках каардынатарам, навуковым рэдактарам будучага выдання быў абраны былы дырэктар Літаратурнага музея М. Багдановіча, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мікола Трус.

З запрашэннем вядучых навукова-даследчых арганізацый Рэспублікі Беларусь быў удакладнены слоўнік, падрыхтаваны І. Саламевічам, з улі­кам новых рэалій часу, стану гуманітарнай навукі, дасягненняў у галіне багдановічазнаўства. Вызначыўся найбліжэйшы план дзеянняў, канстатава­лася неабходнасць перагляду і дапрацоўкі раней сабраных матэрыялаў у сувязі са зменай ідэалагічнай каштоўнаснай парадыгмы ў грамадстве. Праца атрымала новы імпульс, калі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі” ўзначаліла Таццяна Бялова. Для рэдакцыйнай калегіі, аўтарскага, рэдактарскага калектываў стала відавочна, наколькі перапынак у працы над выданнем аб’ектыўна паспрыяў назапашванню фактаграфічнай базы; за ка­роткі па гістарычных маштабах перыяд у нацыянальную культуру былі вернуты выбітныя асобы, якія былі знаёмыя з М. Багдановічам, спрыялі папулярызацыі і навуковаму асэнсаванню яго творчасці.

У 1991 г. у Мінску да 100-годдзя з дня нараджэння паэта былі адчынены Літаратурны музей М. Багдановіча і яго філіял “Беларуская хатка”, якія сталі важнымі цэнтрамі экспанавання матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю песняра чыстай красы, яго акружэння, а таксама ўзялі на сябе ролю лакаматываў навуковай думкі: тут праводзяцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, выдаюцца зборнікі ар­хіў­ных матэрыялаў. У пачатку ХХІ ст. набыў завершаныя абрысы філіял “Фальварак Ракуцёўшчына” ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.

Асноўныя кірункі ў галіне багдановічазнаў­ства ў апошнім дзе­сяцігоддзі ХХ ст. — першым дзесяцігоддзі ХХІ ст. былі непасрэдным чынам звязаныя з грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі, набыццём і ўмацаваннем дзяржаўнага суверэнітэту. Адкрытасць архіваў, вяртанне раней забытых імёнаў нацыянальнай гісторыі, актыўны міжкультурны дыялог, далучэнне да сілавога культурнага поля краіны беларускай дыя­спары акрэслілі новыя даля­гля­ды для гэтай галіны айчыннага літаратуразнаўства.
Вехавай падзеяй стала выданне Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі Поўнага збору твораў Максіма Багдановіча ў 3 тамах (1992, 1993, 1995), у якім сабрана ўся вядомая спадчына паэта, зняты купюры з яго твораў. У працы над энцыклапедыяй сышліся розныя пакаленні даследчыкаў. Для навукоўцаў, аматараў творчасці М. Баг­дановіча засталіся артыкулы вядучых навукоўцаў, якіх ужо з намі няма: Н. Ватацы, М. Грынчыка, У. Калесніка, Г. Каханоўскага, Г. Кісялёва, Л. Тарасюк, Т. Чабан і інш. Вялі рэй працы, заставаліся нязменнымі стырнавымі прадстаўнікі старэйшага пакалення даследчыкаў: В. Рагойша, Т. Кабржыцкая, М. Мушынскі, Я. Гарадніцкі і інш.

Даследаванні прысвечаны праўдзіваму і поўнаму асвятленню ўзаемадачыненняў М. Багдановіча з дзеячамі беларускага адраджэння, укра­інскімі пісьменнікамі пачатку ХХ ст., стварэнню дэталёвага радаводу паэта, увядзенню ў навуковы ўжытак невядомых архіўных матэрыялаў, асэнсаванню месца класіка беларускай літаратуры ў беларускай, сла­вянскай, заходнееўрапей­скай, сусветнай культурнай прасторы.

Ролю масмедыйнай падтрымкі працы над энцыклапедыяй узяў на сябе навуковы і метадычны часопіс “Роднае слова”. Да 120-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча часопіс рыхтаваўся асабліва грунтоўна. Яшчэ са сту­дзеньскага нумара за 2009 г. пачала дзейнасць рубрыка “У энцы­клапедыю “Максім Багдановіч””, якая фактычна ўзяла на сябе ролю сты­мулу працы над выданнем, што рыхтавала выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”. Такі факт супрацоўніцтва яшчэ не меў прэ­цэдэнтаў у гісторыі беларускай гуманітарнай навукі. Часопісныя пуб­лікацыі стымулявалі актыўнасць даследчыкаў, дазвалялі падаць сціслы да­ве­дачны матэрыял у пашыраным варыянце. Артыкулы пра М. Багдановіча не абмяжоўваліся гэтай рубрыкай, сістэматычна публікаваліся ў іншых раздзелах. Публікацыі падказвалі новыя тэмы для энцыклапедыі: успры­манне творчасці паэта вачыма нашаніўскіх сучаснікаў, М. Багдановіч і параўнальнае літаратуразнаўства, жыццё і творчасць паэта ў інтэрнэт-прасторы і інш. Артыкулы адразу дэманстравалі як мінімум дваісты характар тэм: падводзілі пэўную рысу пад напрацаваным матэрыялам і адначасова вызначалі перспектывы для далейшых пошукаў, новых падыходаў, замацоўвалі адкрыты характар узнятых пытанняў.

Можна сцвярджаць, што энцыклапедыя “Максім Багдановіч”, плён працы некалькіх пакаленняў навукоўцаў, адпавядае стану сучаснага баг­да­новічазнаўства і літаратуразнаўства ўвогуле. Гэта першае выданне. Імклівы час, новыя гарызонты айчыннай гуманітарыстыкі прыўнясуць свае карэктывы. Але і тое выданне, якое чытач трымае перад сабой, ужо гісторыя сама па сабе.

Тэма “Максім Багдановіч і ўкраінская літаратура” не належыць да ліку новых ці найменш распрацаваных, але праца над энцыклапедыяй даз­воліла высветліць і ліквідаваць некаторыя інфармацыйныя лакуны, утвораныя цэнзурай, а таксама ідэалагічнымі перасцярогамі савецкага часу.
Класік беларускай літаратуры добра ведаў украінскую літаратуру, фальклор, па-украінску пісаў сам (артыкул “Забутий шлях”). Пяру Максіма Багдановіча належыць шэраг артыкулаў пра выдатных украін­скіх пісьменнікаў: Т. Шаўчэнку, І. Франку, У. Самійленку, І. Чупрынку, У. Він­нічэнку. У яго літаратурна-крытычных працах узгадваюцца такса­ма В. Ка­бы­лянская, В. Стафанік, Ю. Фядзьковіч, І. Катлярэўскі, П. Гулак-Арцямоўскі і многія іншыя.

Максім Багдановіч быў прапагандыстам, перакладчыкам украінскай літаратуры. На яго аўтарскім рахунку шэраг гісторыка-этнаграфічных нарысаў: “Галицкая Русь”, “Червонная Русь”, “Львов”, “Угорская Русь”, “Украинское казачество” і інш. Пісьменнік адным з першым зрабіў спробу ўсебакова прааналізаваць паэзію Т. Шаўчэнкі. Рускамоўныя артыкулы “Краса и сила”, “Памяти Т. Г. Шевченко” былі напісаны да 100-годдзя з дня нараджэння вялікага Кабзара. Ва ўмовах забароны царскім урадам на афіцыйнае святкаванне юбілею названыя публікацыі варта разглядаць не толькі з пункту гледжання правамоцнасці літаратуразнаўчых ацэнак, але і як своесасаблівы жэст грамадзянскай мужнасці і глыбокай павагі да класіка ўкраінскай літаратуры.

У энцыклапедыі “Максім Багдановіч” у шэрагу прадстаўленых 1585 артыкулаў 101 прысвечаны наўпрост украінскай літаратуры і культуры. Украініка на ўзроўні згадак персаналій, падзей, паралеляў шырока прадстаўлена таксама ў многіх іншых матэрыялах. Сярод найбольш плённых аўтараў-украіназнаўцаў Т. Кабржыцкая, В. Рагойша , В. Чабаненка, П. Навойчык, Ж. Шаладонава і інш.

Грунтоўны артыкул “Украінская літаратура і М. Багдановіч” напісала В. Ляшук. Трэба адзначыць, што сярод усіх матэрыялаў, што тычацца іншанацыянальных літаратур і беларускага паэта, гэты самы вялікі, займае амаль 11 старонак выдання. Рэдакцыйная калегія пайшла на такую непрапарцыянальнасць, адчуваючы патрэбу сплаціць доўг памяці перад растраляным пакаленнем, украінскімі выгнаннікамі на чужыне — перад усімі патрыётамі, чые імёны на дзесяцігоддзі былі прымусова забыты.
Праца над энцыклапедыяй дазволіла нязмушана і максімальна карэктна асвятліць забытыя ці напаўзабытыя старонкі (на ўзроўні падзей і персаналій) беларуска-ўкраінскага культурнага дыялогу. Мы звернемся толькі да некаторых фактаў.

Брашура М. Багдановіча “Білоруське відроддженнє” была выдадзена на ўкраінскай мове ў Вене ў 1916 г.3 Богданович М. Білоруське відродженнє. — Відень, 1916. Пераклад зроблены з часопіснага варыянта артыкула. Паміж тэкстамі ёсць разыходжанні. У тэксце перакладу, напрыклад, адсутнічае Postscriptum. Уключаны невялікі рэдактарскі каментарый.

“Білоруське відроддженнє” выдадзена Саюзам вызвалення Украіны, арганізацыяй, створанай у 1914 у Аўстра-Венгрыі на чале з Дз. Данцовым для актывізацыі і кансалідацыі дзейнасці ўкраінскіх партый і грамадска-палітычных плыняў Галіцыі і Наддняпроўскай Украіны напярэдадні і ў пачатку Першай сусветнай вайны. СВУ разгарнуў актыўную выдавецкую і агітацыйную дзейнасць, якая выходзіла за межы Аўстра-Венгрыі. На розных мовах было наладжана выданне навукова-папулярных брашур, прысвечаных гістарычнаму мінуламу і сучаснасці Украіны. Сярод іх папулярныя спеўнікі, класіка і найноўшая мастацкая літаратура, гістарычныя нарысы, брашуры, прысвечаныя разгляду ўкраінскага пытання ў міжнароднай палітыцы пачатку ХХ ст.

Асобны тэматычны блок складалі выданні, што знаёмілі еўрапейскіх чытачоў з іншымі нацыянальнымі рухамі: “Фінляндыя і фінляндскае пытанне” І.Бачкоўскага, “Роля Украіны ў балгарскім адраджэнні” І. Шышманава, а таксама “Беларускае адраджэнне” М. Багдановіча.
Выхад брашуры М. Багдановіча прыйшоўся на круты пералом у міжнароднай палітыцы, новую хвалю нацыянальнага адраджэння паняволеных еўрапейскіх народаў. Венскае выданне зафіксавала істотнае пашырэнне “геаграфіі” распаўсюджання працы класіка беларускай літаратуры. Гэта была адна з першых спроб засведчыць у Заходняй Еўропе пастаноўку так званага беларускага пытання, пазнаёміць шырокую аўдыторыю з даўняй і новай літаратурай і культурай Беларусі. Гэта быў голас беларуса, прамоўлены з беларускіх нацыянальных пазіцый. Выданне, можна меркаваць, знайшло ўдзячнага чытача ў Аўстра-Венгрыі, краіне, дзе славяне складалі значную частку насельніцтва і для якіх нацыянальнае пытанне на той час стала вельмі актуальным. Граматычнай асновай мовы перакладу з’яўляецца галіцкі дыялект. Імя перакладчыка ў выданні не пазначана. Існуе меркаванне, што пераклад мог зрабіць сам М. Багдановіч. На такую думку наводзяць факты сур’ёзнага і мэтанакіраванага вывучэння ім літаратуры, гісторыі, культуры Галіччыны, шэраг напісаных ім артыкулаў, якія засведчылі добрае веданне асноўных прац украінскіх даследчыкаў па гэтых тэмах. Адно з пацверджанняў ? даследаванне М. Багдановіча “Образы Галиции в художественной литературе” (“Русский экскурсант”, 1915, № 1?2).

Для таго, каб даследчыкі змаглі адчуць розніцу моўных сістэм, укладальнікі Поўнага збору твораў М. Багдановіча ў 3 т. змясцілі ў каментарыях да акадэмічнага выдання ўрывак з тэксту брашуры ў яго прачытанні на сучаснай украінскай літаратурнай мове.

Выдаўцы брашуры не абмежаваліся толькі публікацыяй даследавання М. Багдановіча, да аўтарскага тэксту далучаны палітычны дадатак: праграмны палітычны дакумент “Канфедэрацыя Вялікага Літоўскага Княства” і адозва да грамадзян у сувязі з актуальным момантам акты­візацыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, патрэбай яднання нацыя­нальных сіл у час Першай сусветнай вайны (абодва тэксты ў брашуры названы “адозвамі”). У брашуры наконт гэтых публікацый прыведзены на­ступныя каментарыі: “У дадатку да працы д.[октара] М. Багдановіча пра нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусаў мы падаем тут два даку­менты з пазнейшага ваеннага часу, выразна палітычнага зместу. Гэта адозвы палітычных арганізацый Беларусаў, Літоўцаў і іншых народаў, што жывуць на Беларусі і Літве, у якіх выстаўляецца патрабаванне ўтварэння з Беларусі і Літвы асобнага, незалежнага літоўскага княства. Гэтыя адозвы даюць паняцце пра палітычныя накірункі Беларусаў у час вайны і, хоць не звязаны непасрэдна з тэмай працы д. Багдановіча, не будуць і лішнімі пры ёй, бо яднаюць мінулае з найсвяжэйшым сучасным, хоць і без асвятлення гэтага апошняга палітычнага факта, які ў аднолькавай ступені адносіцца да Літвы і Беларусі”. Факт наяўнасці ў брашуры М. Багдановіча палітычна­га дадатку ў каментарыях да Поўнага збору твораў М. Багдановіча ў 3 тамах (1993 — 1995) не быў адзначаны. Упершыню гэтае выданне цэласна было апісана на старонках часопіса “Роднае слова”4Трус М. Венскае выданне брашуры Максіма Багдановіча “Беларускае адраджэнне” (1916): Вядомае і невядомае // Роднае слова. — 2009. — № 1. — С. 28?31..

Паводле нашых назіранняў, у гісторыі ўкраінскага прыгожага пісьменства Аляксандр Алесь (укр. Олександр Олесь; 1878 — 1944) рэп­рэзентуецца найперш як цудоўны лірык. Літаратуразнаўства савецкага перыяду доўгі час разглядала яго спадчыну ў прамой праекцыі стаўлення пісьменніка да ключавых падзей першых дзесяцігоддзяў ХХ ст.: вітаў нацыянальна-вызваленчую стыхію 1905 — 1907 гг., прызнаваў лютаўскую рэвалюцыю 1917?га, не прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю, пасля якой падаўся ў эміграцыю.

Жыццё на чужыне давала падставы для фарміравання ў Савецкім Саюзе ідэалагічных клішэ на доўгія дзесяцігоддзі, завочнага, а потым і пасмяротнага абвінавачання паэта ў буржуазным нацыяналізме і ша­вінізме. Часы мяняліся. І вось ужо не адно дзесяцігоддзе творчасць А. Але­ся займае належнае месца ў нацыянальнай культурнай скарбніцы, асэ­нсоўваецца, множыцца культурнай інтэрпрэтацыяй: каля трыццаці яго вершаў пакладзены на музыку найлепшымі ўкраінскімі кампазітарамі. Вельмі парадаксальна, што пра паэта, аднаго з першых, хто непасрэдным чынам спрыяў умацаванню ўкраінска-беларускіх літаратурных сувязей на пачатку ХХ ст., сёння ў Беларусі вядома вельмі мала, абышла яго ўвагай і даведачная літаратура, у прыватнасці ў Беларускай энцыклапедыі ў 18 тамах пра Аляксандра Алеся — ні радка.

Спачатку публікацыя ў “Родным слове”5 Трус М. Аляксандр Алесь і Максім Багдановіч: Радасць і журба ўкраінска-беларускага творчага пабрацімства // Роднае слова. — 2011. — № 5. — С. 22—24. , а потым артыкул у энцыклапедыі “Максім Багдановіч” дапамаглі засведчыць у беларускай інфармацыйна-культурнай прасторы, што гэта адна са знакавых постацей украінскай літаратуры першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. А. Алесь істотна пашырыў эмацыйны, тэматычны, стылёвы дыяпазон нацыянальнай лі­рыкі, на якасна новым узроўні прадэманстраваў патэнцыяльную сілу ўкраінскага мастацкага слова. Адзін з рускіх даследчыкаў у імкненні наблізіць мінулае да сучаснасці прапанаваў сваё “вымярэнне” часу — поціск рукі. “Я цісну руку ўнуку Льва Талстога, — прыкладна так разважае ён, — праз бацьку гэта прамы нашчадак пісьменніка. Значыць, мяне падзяляюць ад класіка рускай літаратуры ўсяго толькі два поціскі рукі”.

Сёння творчасць А. Алеся трывала валодае ўвагай украінскіх даследчыкаў. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла пазнаёміцца ў час на­вуковай стажыроўкі ў Браціславе ў 2005 г. з акадэмікам Міколам Неврлі, адным з найбольш аўтарытэтных украінскіх, а таксама славацкіх, чэшскіх даследчыкаў, выпускніком Карлава ўніверсітэта ў Празе, які асабіста ведаў А. Алеся. Такім чынам здзейсніўся непасрэдны, “фізічны” дотык да ўкраінскай класікі праз поціск рукі патрыярха славацкай украіністыкі, што дазволіла не прапанаваць чытачам рэфератыўны погляд на творчасць пісьменніка, а даць некалькі свежых, жывых штрыхоў да яго жыццяпісу. М. Неврлі быў знаёмы з А. Алесем на працягу 4—5 апошніх гадоў жыцця пісьменніка. Знаёмства адбылося ў пражскай сталоўцы, якую студэнцтва называла “Ужас”, бо апекавалася ёю Украінская жаночая суполка (УЖС).

Аляксандр Алесь адным з першых паклаў пачатак украінска-беларускаму культурнаму дыя­логу ў ХХ ст. З беларускай мовы ён пераклаў верш “Ліпы” (“Рідний край”, 1907, № 5, с. 10). Аўтарства арыгінала ў публікацыі не пазначана. Адным з першых звярнуў увагу на гэты пераклад В. Чабаненка. Можна меркаваць, што з’яўленню гэтага перакладу аб’ектыўна спрыяла традыцыйная цікавасць украінскай грамадскасці да гісторыі і культуры братняга народа. Магчыма, некаторым стымулам перакладчыцкай практыкі было і тое, што жонка пісьменніка, Вера Антонаўна Свадкоўская, мела беларускія карані.

У эмігранцкі перыяд А. Алесь падтрымліваў сувязі з пражскімі беларусамі, меў прыяцельскія стасункі з М. Забэйдам-Суміцкім. Беларускае прадстаўніцтва ў Чэхаславакіі вітала 40-гадовы юбілей літаратурнай дзейнасці пісьменніка, праводзіла яго ў апошні шлях. Беларускі парытэт творчага дыялогу на пачатку ХХ ст. падтрымаў М. Багдановіч, які пераклаў на беларускую мову вершы А. Алеся “Пекло, здавалось, було в ту годину…” (“Пекла было тут у тую часіну…”) і “Айстри” (“Астры”). Украінская паэзія ў зборніку “Вянок” М. Багдановіча прадстаўлена трыма аўтарамі: А. Крымскі, М. Чарняўскі і А. Алесь. Пры гэтым творчасць Алеся прэзентуецца двума названымі вершамі (рэшта аўтараў — па адным), а ў зместавым пераліку “Астры” ўвогуле трымаюцца асобна, усе астатнія назвы не прыведзены: “С Крымскаго”, “С Чэрняўскаго”, “З Олеся”. Верш “Астры” займае ў творчасці А. Алеся значнае месца.

Ва ўкраінскім літаратуразнаўстве яго інтэрпрэтавалі як алегарычнае апісанне рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. і паслярэвалюцыйнай сітуацыі. На музыку верш пакладзены ўкраінскім кампазітарам М. Лысенкам і беларускім (Багдановічаў пераклад) А. Туранковым. Пры падрыхтоўцы да друку роднасловаўскага артыкула аўтару гэтых радкоў кінуўся ў вочы твор А. Алеся, які вельмі блізка пераклікаецца тэматычна, стылёва, трымаецца аднаго праблемнага поля са “Страцім-лебедзем” М. Багдановіча. Да таго ж па часе напісання верш (іншыя жанравыя вызначэнні — паэма, балада) аўтара “Вянка” і “Лебедзь” А. Алеся падзяляе не больш за паўгода.
“Страцім-лебедзь” Максіма Багдановіча і “Лебедзь” Аляксандра Алеся створаны ў пераломныя перыяды жыцця і творчасці аўтараў. Для беларускага паэта гэта было інтуітыўнае развітанне з жыццём, для ўкраінскага — прадчуванне хуткага развітання з Радзімай. У публікацыі нарыса жыцця і творчасці А. Алеся на старонках “Роднага слова” мы не абмежаваліся выключна жыццяпісам, а падалі некалькі ўзораў паэзіі Аляксандра Алеся дакастрычніцкага часу — душэўнай, спеў­най, мінорнай 6 Алесь Аляксандр. “З журбою радасць абнялася…”: вершы / Пераклад з украінскай мовы М. Труса // Роднае слова. — 2011. — № 5. — С. 25. [“Фіялкі сляпы прадае…”, “Ў небе жаўрукі віюцца…”, “З журбою радасць абнялася…”, “Лебедзь”]. .

Дзмітро Дарашэнка (укр. Дмитро Дорошенко; 1882 — 1951), гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст, бібліёграф, грамадска-палітычны дзеяч. Прадстаўнік дзяржаўніцкага кірунку ва ўкраінскай гістарыяграфіі. Сёння для ўкраінскай грамадскасці няма патрэбы нагадваць усе этапы і вехавыя моманты жыццяпісу гэтай выдатнай асобы, а для беларусаў яны названы ў энцыклапедыі “Максім Багдановіч”. Адзначым толькі некаторыя моманты, важныя ў гісторыі беларуска-ўкраінскіх культурных сувязей.

Дзмітро Дарашэнка — адзін з першых папулярызатараў беларускай літаратуры і культуры па-за межамі Беларусі. Знаёмства гісторыка з беларускай культурай пачыналася з Вільні (цяпер Вільнюс, сталіца Літвы), часу навучання ў гімназіі, сямейнага акружэння. Іван Дарашэнка, тата Дзмітра, падтрымліваў сяброўскія стасункі з Францішкам Багушэвічам, Антонам Буйло, бацькам будучай паэткі Канстанцыі Буйло. З дзеячамі новай генерацыі беларускага адраджэння Дз. Дарашэнка пазнаёміўся ў 1906—1907 гг. У 1908 г. убачылі свет украінскія брашуры — першыя ластаўкі, якія неслі па свеце вестку пра беларускі рух: “Адраджэнне бела­рускага пісьменства” І. Свянціцкага ў Львове, што знаходзіўся на той час у складзе Аўстра-Венгрыі, і “Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне”7 Дорошенко Д. Білоруси і ?х національне відродження. — К., 1908. Дз. Дарашэнкі ў Кіеве.

Выданне Дз. Дарашэнкі — гэта нарыс гісторыі беларускага народа і нацыянальнага пісьменства, які асвятляе грамадска-палітычныя прычыны і абставіны новай хвалі нацыянальнага адраджэння, падае невялікі агляд творчасці Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы і інш. Як пісаў Антон Луцкевіч (Антон Навіна), адзін з ідэолагаў беларускага руху пачатку ХХ ст., з нагоды 25-гадовай навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці гісторыка, “сваёй кніжкай Дарашэнка шмат дапамог пашырэнню цікавасці да братняга беларускага народа сярод украінцаў, а асабістымі зносінамі з беларускімі дзеячамі падчас сваіх летніх прыездаў (перад сусветнай вайной) асабіста замацаваў шчырыя адносіны паміж правадырамі абодвух народаў. І ня раз голас Дмітра Іванавіча можна было спаткаць у розных часопісях — у абароне беларусаў”8Навіна Ант. Дмітро Дарашэнка (К 25-летняму юбілею яго працы) // Новы шлях. — 1925, 4 студз..

Беларускія справы былі не толькі аб’ектам увагі публіцыстыкі Д. Дарашэнкі, але і неад’емным складнікам яго грунтоўных даследаванняў, такіх, як трохтомная праца “Славянскі свет у яго мінулым і сучасным”9 Дорошенко Д. Славянський світ в його минулому й сучасному. — Берлін, 1922.. Д. Дарашэнка падтрымліваў кантакты з дзеячамі беларускай культуры ў Вільні і Мінску ў 1920—1930-я гг., быў у курсе беларускіх спраў, напісаў успаміны пра Ф. Багушэвіча. Дзякуючы яго дзейнасці пашыралася інфармацыя пра Беларусь у славянскім свеце, умацоўваўся ўкраінскі вектар зацікаўленняў нацыянальнай палітыкі і культуры, у сілавым полі якога знаходзіліся літаратурныя, грамадска-культурныя памкненні М. Багдановіча.

Энцыклапедычнаму артыкулу папярэднічала публікацыя аўтара гэтых радкоў на старонках часопіса “Роднае слова”10 Трус М. Даўні сябра беларускага народа: Невядомыя лісты ўкраінскага гісторыка Дмітра Дарашэнкі // Роднае слова. — 2009. — № 5. — С. 10—14., у якой акрамя нарыса жыцця і творчасці Дз. Дарашэнкі былі апублікаваны 2 яго невядомыя лісты да Людмілы Краскоўскай у Прагу і Браціславу (1927, 1937 гг.) у перакладзе на беларускую мову. І гэта той рэдкі выпадак, калі беларускамоўная інтэрпрэтацыя ўнікальнага дакументальнага сведчання часу папярэднічала публікацыі ва ўкраінскіх навуковых выданнях.

Дзмітро Чыжэўскі (укр. Дмитро Чижевський; 1894 — 1977), украінскі славіст, культуролаг, філосаф, лінгвіст. Асноўныя працы ў галіне славістыкі: “Параўнальны нарыс славянскіх літаратур” (1952), “Пра рамантызм у славянскіх літаратурах” (1957) і інш. Сярод беларускіх паэтаў пачатку 20 ст. Дз. Чыжэўскі вылучаў найперш М. Багдановіча як фігуру роўнавялікую ў кагорце найлепшых прадстаўнікоў славянскага пісьменства гэтага часу. У “Нарысе…” характарызаваў паэта як сімваліста: “Мадэрная беларуская паэзія пачынаецца вельмі таленавітым паэтам Максімам Багдановічам (1892 — 1917), які памёр маладым. Быў пад моцным уплывам А. Блока, але не змог задушыць моцную цягу да рэалізму”. У “Параўнальнай гісторыі славянскіх літаратур” (1968) пісаў пра М. Багдановіча як прадстаўніка мадэрнізму: “Мадэрнізм у беларускай літаратуры рэпрэзентаваў М. Багдановіч, што знаходзіўся пад моцным уплывам расійскага сімвалізму (перш за ўсё ў асобе А. Блока)”11 Чижевський Д. І. Порівняльна історія слов’янських літератур. У двох книгах. — К., 2005. — С. 220..

Артыкулу пра Дз. Чыжэўскага ў энцыклапедыі “Максім Багдановіч” у Беларусі па сутнасці папярэднічала толькі адна публікацыі12 Сокалава Ф. Дзмітро Чыжэўскі пра беларускую літаратуру (эпізод з жыцця вялікага ўкраінскага славіста) // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. — Мінск, 2007. — С. 305—315..

У дакладзе мы спыніліся толькі на некаторых прыкладах працы над артыкуламі, прысвечанымі сувязям класіка беларускай літаратуры з украінскім прыгожым пісьменствам. Паэтапная праца над гэтымі артыкуламі дазволіла ў агульных рысах, комплексна прадставіць жыццяпіс некаторых украінскіх пісьменнікаў, вучоных, грамадска-палітычных дзеячаў, на даўгі час забытых у Беларусі. Такім чынам, праз разгорнутыя публікацыі ў навуковым і метадычным часопісе “Роднае слова” і лаканічныя артыкулы ў энцыклапедыі “Максім Багдановіч” , мы імкнуліся ўзнавіць гістарычную справядліваць.


Це стаття відкритого доступу, її розміщено на умовах ліцензії Creative Commons Attribution CC BY 4.0, що надає читачеві право поширювати чи використовувати у власних потребах авторський матеріал за умови належного цитування статті.

© М. Трус, 2024. Опубліковано Інститутом енциклопедичних досліджень НАН України.

Повна версія сторінки